Яркай і незабыўнай адбылася экскурсія ў старадаўні Полацк удзельніц клуба замяшчальных бацькоў “Астравок надзеі”. Перш за ўсё наведалі Сафійскі сабор. Месца сапраўды ўнікальнае: гэта першы каменны храм на тэрыторыі Беларусі. Нягледзячы на тое, што будынак не захаваўся ў першапачатковым выглядзе, здзіўляе ён і цяпер. Уражанне такое, як быццам перанёс хто храм на далоньцы з нябёсаў на зямлю ды размясціў спецыяльна на гэтым высокім беразе Заходняй Дзвіны, каб Сафія віднелася здалёк з усіх бакоў, а сама яна кожны дзень глядзела ў раку і любавалася сваім адлюстраваннем, нібы маладая нявеста. А ёй-то ужо амаль тысяча гадоў! У ніжняй зале Сафійскага сабора сёння можна ўбачыць падмурак XI стагоддзя. А яшчэ прадметы, якія былі знойдзеныя падчас археалагічных раскопак - мужчынскі залаты пярсцёнак XI стагоддзя, сярэбраныя арабскія манеты дырхемы. Зараз полацкая Сафія не культавае збудаванне і ўяўляе сабой музей і канцэртную залу з цудоўным арганам.
На тэрыторыі сабора знаходзіцца яшчэ адна важная славутасць Полацка - Барысаў камень. Гэты валун з крыжам і надпісам на старажытнаславянскай мове - сведчанне сівой гісторыі 12 стагоддзя. Ёсць павер'е, што калі падумаць пра гэты валун штосьці добрае, дакрануцца і загадаць жаданне, а пасля тры разы вакол яго абысці, то патаемнае абавязкова ажыцявіцца.
Найбольшае ўражанне прыёмныя матулі і апекуны атрымалі ад наведвання Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра. Заснавальніцай манастыра ў 1125 годзе была Еўфрасіння Полацкая, якая ўсё сваё жыццё прысвяціла служэнню Богу і людзям, пабудавала яшчэ два храмы ў Полацку, займалася дабрачыннасцю, многае зрабіла для развіцця адукацыі і зараз па праву лічыцца нябеснай заступніцай Беларусі. Калі трапляеш ў манастыр, адразу акунаешся ў нейкую асаблівую атмасферу спакою і прымірэння. Вельмі прыемнае ва ўсіх адносінах месца. Прыгожы ландшафтны дызайн. Старадаўнія іконы і фрэскі. У галоўным саборы захоўваюцца важныя рэліквіі: адноўлены Еўфрасіннеўскі крыж, мошчы святой Еўфрасінні - вернікі маюць магчымасць прыкласціся да іх і памаліцца.
Вельмі важна хоць на невелікі час ад бытавых будняў акунацца ў атмасферу, якая не падвольная часу: наведваць святыні, любавацца прыродай, радавацца кожнаму новаму дню. У такім выпадку фарбы на карціне жыцця абавязкова будуць яркімі.


